15.06.2018, 9:00
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае на выставу «Equos. Koń. Конь»
З 15 чэрвеня па 26 жніўня 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава «Equos. Koń. Конь» са збораў Музея Паўднёвага Падляшша (Бяла-Падляска, Рэспубліка Польшча) і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Выстава арганізавана пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага інстытута ў Мінску.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў панядзелак, 18 чэрвеня, у 17:30 у Нацыянальным мастацкім музеі (вул. Леніна, 20).
Выстава прапануе гледачу пазнаёміцца з тэмай каня ў выяўленчым (жывапіс, скульптура, арыгінальная і друкаваная графіка) і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. На ёй будзе прадстаўлена больш за дзвесце твораў еўрапейскіх, беларускіх, рускіх мастакоў XVII–XXI стст. Гэта дазволіць паказаць, як мастакі розных эпох, мастацкіх школ, стыляў і напрамкаў інтэрпрэтавалі вобраз каня ў розных жанрах мастацтва – ад батальных сцэн да пейзажа, якія ў рамках выставы складаюцца ў адзіны эпічны жанр (ад грэчаскага hippos – конь).
Экспазіцыя складаецца з некалькіх тэматычных раздзелаў, якія аб’ядноўваюць творы з падобнымі сюжэтамі, што дазволіць прасачыць цікавасць мастакоў да пэўных тэм і матываў, звязаных з выявай коней, і адначасова дасць магчымасць ацаніць розныя мастацкія рашэнні, прапанаваныя майстрамі розных стыляў і пакаленняў.
Экспазіцыя выставы не толькі знаёміць з багатым выяўленчым матэрыялам – творамі мастакоў, аб’яднаных цікавасцю і любоўю да высакародных жывёлін, шматвяковага спадарожніка і памочніка чалавека – каня, але і стане прэзентацыяй Музея Паўднёвага Падляшша ў Бялай-Падлясцы.
Выстава «Equos. Koń. Конь» працягне традыцыю цеснага, плённага супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага інстытута ў Мінску. На працягу апошніх гадоў у музеі адбыліся шматлікія выставачныя праекты, арганізаваныя па ініцыятыве і пры падтрымцы польскіх партнёраў: «Польская кераміка XVIII–XX стст.» са збораў Верхнесілезскага музея ў Бытаме (2013), «Майстры польскага малюнка» са збораў Падляшскага музея ў Беластоку і Акруговага музея ў Сувалках (2017), «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» са збораў Нацыянальнага музея ў Кракаве (2017), «Польскі пейзаж. Францішак Рышард Мазурэк. Жывапіс» (2017), «Радзівілы: лёсы краіны і роду» (2017), якая, акрамя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, экспанавалася ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі і Музеі Паўднёвага Падляшша ў Бялай-Падлясцы (Рэспубліка Польшча).
Музей у Бялай-Падлясцы быў заснаваны ў 1924 годзе, але, на жаль, не перажыў ліхалецця Другой сусветнай вайны. 26 кастрычніка 1966 года ў Бялай-Падлясцы быў адкрыты Рэгіянальны музей, што стала яркай мясцовай падзеяй у рамках святкавання 1000-годдзя Польскай дзяржавы. У 1975 годзе, калі Бяла-Падляска стала цэнтрам Бялападляшскага ваяводства, музей атрымаў статус акруговага. У ім былі створаны аддзелы этнаграфіі, гісторыі, мастацтва, навуковы і адукацыйны аддзелы. Акрамя таго, у 1995 годзе быў адкрыты аддзел археалогіі. Пасля ліквідацыі Бялападляшскага ваяводства ў 1998 годзе музей быў перайменаваны ў Музей Паўднёвага Падляшша.
Калекцыя мастацкага аддзела Музея Паўднёвага Падляшша ў Бялай-Падлясцы налічвае больш за 2700 экспанатаў. Самым каштоўным і адным з найбуйнейшых у Польшчы, які ўключае каля 1600 помнікаў, з’яўляецца збор ікон XVII – пачатку ХХ ст. пераважна рускіх, украінскіх і беларускіх майстроў. Другім па колькасці, але не менш значным у калекцыі мастацкага аддзела Музея Паўднёвага Падляшша з’яўляецца збор пад назвай «Коні, вершнікі, павозкі ў польскім мастацтве XIX–XX ст.ст.», што змяшчае жывапісныя і графічныя творы вядомых польскіх мастакоў, якія паказваюць коней.
Читайте также:
- Польша готова предоставить Беларуси гуманитарную помощь для мигрантов
- «Гомельтранснефть Дружба» возобновила прокачку нефти из РФ в Польшу
- Беларусь приостанавливает прокачку нефти в сторону Польши по техническим причинам
- Польские самолеты 12 апреля не выполняли полеты вблизи белорусской границы — командование польских ВС
- Минобороны Беларуси заявило о нарушении воздушной границы со стороны Польши, вызван атташе